ПАДЗЕ́МНАЯ ЗДАБЫ́ЧА карысных выкапняў,

спосаб здабывання цвёрдых карысных выкапняў з нетраў зямлі з дапамогай падземных горных вырабатак (раскрыўных, падрыхтоўчых, ачышчальных). П.з. пластавых пакладаў ажыццяўляюць пераважна суцэльнымі, стаўбавымі, камернымі і камбінаванымі сістэмамі.

Выбар сістэмы П.з. вызначаецца відам пакладу (пластавы, адвольнай формы, жыльны, россыпны і інш.), характарам залягання (пакатае, нахіленае, стромкае). Вырабаткі ў тоўшчы моцных парод вядуць буравыбуховым спосабам, у больш мяккіх пародах — праходчымі комплексамі. Непасрэдна здабыча выкапняў ажыццяўляецца ў ачышчальных вырабатках, якія праводзяцца па пласце, целе пакладу, па жыле і бесперапынна або цыклічна прасоўваюцца па пакладзе. Для комплекснай механізацыі П.з. выкарыстоўваюць комплексы, якія ўключаюць вузказахопныя ачышчальныя горныя камбайны, механізаванае горнае мацаванне, забойны канвеер і інш. Для вымання пакладу пры камерных сістэмах выкарыстоўваюць праходча-здабыўныя комплексы ў складзе праходча-здабыўнога камбайна, самаходных цыклічных транспартавальных машын (вагонаў, бункераў, перагружальнікаў і інш.) або неперарыўных (стужачных ці паслядоўных кароткіх канвеераў).

На Беларусі П.з. выкарыстоўваецца пры распрацоўцы Старобінскага радовішча калійных солей, дзе пабудаваны 4 калійныя руднікі.

П.Я.Антонаў.

т. 11, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)